клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.
Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.